Калі сьпяваць “Магутны Божа” і як маліцца за Беларусь

Калі сьпяваць “Магутны Божа” і як маліцца за Беларусь

Сьпяваць ці не сьпяваць “Магутны Божа” у царкве?

У беларускай грэка-каталіцкай традыцыі гэты гімн мае пачэснае месца: ім заканчваецца Малебен за беларускі народ, ім можна замяняць песьню сьв. Аброзія ў Малебне ў грамадзкія і дзяржаўныя сьвяты. Абодва малебны напісаныя а. Аляксандрам Надсанам, перакладчыкам усіх асноўных нашых літургічных тэкстаў.

Гімна “Магутны Божа” няма ў іншых падобных творах а. Аляксандра: Малебне ў часе народнай бяды і ў Малебне перад пачаткам грамадзкіх зборак: “Магутны Божа” – урачысты гімн, ён сьпяваецца напрыканцы радасных сьвяткаваньняў. Таму ён цалкам да месца напрыканцы нядзельнай літургіі, калі ў парафіі ёсьць такая традыцыя.

“Магутны Божа” у выкананні хора беларускай дыяспары. Запіс зроблены ў царкве святога Кірылы Тураўскага ў Лондане, 2020.

Перад гімнам у абодвух вышэй прыгаданых малебнах а. Надсан паставіў прыгожую малітву за беларускі народ з малітоўніка “Божым шляхам” (1946 г.) а. Льва Гарошкі:

Сусьветны Уладару, спрадвечны Божа, Ты ўвесь сьвет стварыў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму месца прызначыў, а род людзкі так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на зямлю, каб усе слухалі Ягоную навуку і, ідучы сьледам за Ім, увайшлі ў Тваё нябеснае валадарства. Мы, дзеці беларускага народу, як маглі слухаліся Тваіх загадаў, але дзеля чалавечае слабасьці часта падалі і зьневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашыя правіны, нашую нядбайнасьць ў адносінах да сябе і да іншых; даруй таксама тым, хто крыўдзіў нас і зьневажаў. Барані нас ад крыўды варожае і дай нам і ворагам нашым духа сапраўднае хрысьціянскае любові. Дай нам еднасьць веры, згоду ў грамадзкім і сямейным жыцьці, загаі нашыя асабістыя і народныя раны душы, якія мы самі сабе ўчынілі, або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцьці асьвяці наш розум Тваім евангельскім сьвятлом, каб мы, захоўваючы Твае прыказаньні, перамагалі ўсе цяжкасьці і цярпеньні і заўсёды Цябе бласлаўлялі. Пашлі беларускаму народу ахвярных слугаў сваіх, якія праведным, сумленным і мудрым жыцьцём і дзейнасьцю вялі б яго да лепшае долі. Дай нам сьвятое духавенства. Блаславі нашы сем’і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчырай сьвятой любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а бацькаўшчыне на карысьць сваіх дзетак. Асаблівую ласку дай моладзі, каб яна атрымала глыбокае хрысьціянскае ўзгадаваньне і вырасла на карысных сыноў і дачок свайго народу.

Блаславі нашыя дачасныя дастаткі, ня дай гінуць марна тым талентам, якія Ты пасылаеш у наш народ, але дай ім свабодна разьвіцца і закрасаваць Табе на славу і ўсяму людзтву на карысьць. Блаславі працу сялянаў на ральлі, работнікаў у фабрыках, вучоных, пісьменьнікаў, мастакоў, каб з іхняй дапамогай беларускі народ мог разумна і прыгожа жыць і разьвівацца.

Цябе, Усячыстая Багародзіца і нашая нябесная Маці, просім: пакрый нашую краіну Тваім сьвятым покрывам і будзь нашай апякункай і заступніцай. І ты, сьвятая Еўфрасіньня, асьветніца Беларусі, і ўсе сьвятыя заступнікі беларускага народу, маліцеся за нас няспынна, каб мы сталіся народам сьвятым, які выконвае волю Божую і сваё пасланство, і каб мы ўнесьлі свой уклад у агульнае дабро тут на зямлі, а ў прышлым жыцьці атрымалі вечнае шчасьце, і няспынна аддавалі славу, пашану і пакланеньне Богу ў Тройцы адзінаму, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Гэтая малітва – экумэнічная і інклюзіўная ў сваёй сутнасьці. У ёй перадусім гучыць клопат за ўсіх людзей.

Амаль усе праваслаўныя малітоўнікі, выдадзеныя ў дыяспары, маюць малітвы за Бацькаўшчыну, Беларусь ці беларускі народ. Напрыклад, “Праваслаўны малітоўнік” (Таронта, 1996 г.), які можна знайсьці на сайце Беларуская Палічка

Нядаўна зьявілася і зусім новая малітва за Беларусь, напісаная нашымі праваслаўнымі суродзічамі. Яна таксама экумэнічная і інклюзіўная, набрыняная болем за ўсіх нас – народ і Царкву, – і ўсіх, хто церпіць перасьлед. Гэтая малітва – твор сучаснага беларускага багаслоўя надзвычайнай глыбіні й прыгажосьці:

Айцец усіх людзей, Магутны Божа і Творца! Ты не пакінуў свет без клопату, але з любові паслаў Сына Свайго, каб адкрыць нам шлях у Тваё Царства і вызваліць ад улады граху, зла, пекла і смерці!

Ты спасылаеш Духа Твайго, каб асвяціць свет, каб сэрцы павярнуліся да Цябе, вочы бачылі праўду, вушы чулі голас сумлення, вусны дабравесцілі, рукі чынілі дабро і ногі хадзілі шляхам справядлівасці.

Ты стварыў Царкву, каб людзі працягвалі ў свеце справу Царства Твайго ― справу міру і справядлівасці, справу дзейснай любові, якая ацаляе раны, справу непахіснай надзеі, якая ўмацоўвае дух.

Дабравесце Тваё, Госпадзе, ― дабравесце міру, неаддзельнага ад справядлівасці, праўды, свабоды і любові. Каб запанаваў мір, патрэбна наша судзеянне Табе, умацуй нас у гэтай місіі ласкаю Тваёю.

Твой подых, Госпадзе, ― подых свабоды; Ты стаіш на баку прыгнечаных, а не прыгнятальнікаў. Вызвалі нас ад гвалту і прыгнёту ― і не дай нам ужываць свабоду дзеля злога і дзеля заняволення іншага.

Ты, Госпадзе, любіш тых, хто чыніць справядлівасць! Дай нам сумленне і розум, адрозніць дабро ад зла, праўду ад няпраўды, і ўмацуй у жаданні змагацца за справядлівасць.

Молімся за кожнага, хто прайшоў праз гвалт, зняволенне, прыніжэнне, пераслед і катаванні, Госпадзе, ацалі іх, умацуй іх, дай ім сілы пераадолець страх, пашлі ім падтрымку і дапамогу.

Молімся таксама за тых, хто чыніць зло і несправядлівасць: Госпадзе, ацалі іх сэрцы ад жорсткасці і нячуласці і прывядзі да пакаяння.

Молімся Табе, Госпадзе, за беларускія цэрквы, каб яны ўсведамлялі сваю місію і ў еднасці, салідарнасці і ахвярнасці — шукалі праўды Тваёй, выконвалі волю Тваю і былі супрацоўнікамі Царства Твайго – Айца, Сына і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў. Амін.